Віртуальная выстава "Нязгасная зорка на беларускім небасхіле"
6 снежня 2024
Максім Багдановіч – класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў нацыянальнай мастацкай літаратуры, паэт, празаік, гісторык літаратуры і літаратурны крытык, публіцыст, перакладчык. Максім Багдановіч тварыў у многіх паэтычных жанрах. Сярод яго вершаў ёсць узоры як прыродаапісальнай, пейзажнай, так і інтымнай лірыкі. Часта ў яго вершах сустракаюцца і міфалагічныя матывы, найперш звязаныя з беларускай народнай міфатворчасцю. Максім Багдановіч фактычна першы з беларускіх паэтаў, хто звярнуўся да санета, трыялета, рандо, тэрцыны, скерца і іншых складаных форм верша. Ён свядома імкнуўся ўзбагаціць маладую беларускую літаратуру новымі для яе формамі, ужо добра асвоенымі ў сусветнай літаратуры, і тым самым істотна пашырыць яе творчыя магчымасці, удасканаліць літаратурную мову. Максім Багдановіч пражыў толькі 25 гадоў, але яго рамантычны вобраз і незабыўныя творы, як і раней, кранаюць людзей да глыбіні душы. Думаецца так будзе і надалей!..

Зубараў, Л. І. Максім Багдановіч : гістарычна-дакументальная аповесць / Л. І. Зубараў. - Мн. : Універсітэцкае, 1989. - 263 с. : іл.
Гэта кніга аб жыццёвым і творчым шляху класіка беларускай літаратуры — Максіма Багдановіча. У ёй выкарыстаны вядомыя, а таксама недрукаваныя архіўныя дакументы, якія аднаўляюць старонкі жыцця сямейства Багдановічаў, іх сваяцкія адносіны з Пешкавымі.

Максім Багдановіч : энцыклапедыя / склад.: І. У. Саламевіч, М. В. Трус. - Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2011. - 608 с. : іл.
«Максім Багдановіч» — персанальная энцыклапедыя, якая асвятляе жыццё і творчасць класіка беларускай літаратуры. У ёй змешчаны артыкулы, прысвечаныя лірычным творам паэта, перакладам, крытыцы, публіцыстыцы, паасобным жанрам, вобразам, артыкулы пра яго эстэтычныя погляды, сувязі з фальклорам і літаратурамі замежных краін, пра ўвасабленне багдановічаўскай тэмы ў выяўленчым мастацтве, музыцы, тэатры, кіно. Кніга разлічана на супрацоўнікаў музеяў, літаратуразнаўцаў, гісторыкаў, краязнаўцаў, усіх, хто цікавіцца нацыянальнай культурнай спадчынай беларускага народа. У кнізе выкарыстаны фотаздымкі з фондаў Літаратурнага музея М. Багдановіча.

Максім Багдановіч. Пясняр чыстае красы : успаміны, артыкулы, прысвячэнні / уклад. Т. Шэляговіч. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2011. - 350 с. : іл.
У кнігу ўвайшлі ўспаміны і артыкулы пра генія беларускай зямлі Максіма Багдановіча, які здолеў здзейсніць свой найвялікшы творчы подзвіг — стаць адной з першых зорак на небасхіле нацыянальнай паэзіі, аказацца ў цэнтры літаратурна-грамадскага руху Беларусі пачатку XX ст., застацца лепшым крытыкам і гісторыкам роднай літаратуры, яе класікам, выдатным перакладчыкам і празаікам. Вершы-прысвячэнні вядомых пісьменнікаў сплятаюць вянок гонару і пашаны М. Багдановічу.

Максім Багдановіч. Я не самотны... : успаміны, артыкулы, вершы, пераклады / уклад. В. Шніп. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2016. - 335 с. : іл.
Выдатна аформлены зборнiк, у якiм нават аматары паэзii знойдуць штосьцi новае: пераклад, iлюстрацыю да твора, фотаздымак, факт. Нiхто не застанецца абыякавым, чытаючы ўспамiны бацькi паэта, этнографа i настаўнiка Адама Ягоравiча.

Багдановіч, М. А. Вянок : кніга выбранных вершаў / М. А. Багдановіч. - факсімільнае выданне. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2011. - 117 с.
Змест: Нізка вершаў «У зачараваным царстве» ; «Згукі Бацькаўшчыны» ; «Старая Беларусь» ; «Места» ; «Вольныя думы» ; «Старая Спадчына» ; «Думы» ; «Мадонны».

Багдановіч, М. А. Зорка Венера : творы / М. А. Багдановіч. - Мн. : Мастацкая літаратура, 1991. - 447 с. : іл.
У кнігу ўвайшлі выбраныя творы класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, яго літаратурна-крытычныя артыкулы,пераклады і наследаванні, публіцыстыка і лісты. Для многіх ён быў і будзе букваром – пачаткам нашай беларускай літаратуры.

Багдановіч, М. А. Маладыя гады : выбранае / М. А. Багдановіч ; уклад. і біягр. даведка Э. А. Золавай. - Мн. : Мастацкая літаратура, 2001. - 335 с.
Творчасць Максіма Багдановіча напоўнена вобразамі-сімваламі роднага краю. Вершы паэта вызначаюцца гармоніяй думкі і пачуцця, тонкай музычнай мілагучнасцю. У кнігу ўвайшлі вершы, пераклады, наследаванні, чарнавыя накіды.

Багдановіч, М. А. Шыпшына : вершы, апавяданні, нарысы, крытыка, публіцыстыка : для сярэдняга і старшага школьнага узросту / М. А. Багдановіч ; уклад. С. Панізнік. - Мн. : Юнацтва, 1990. - 237 с. : іл.
У зборніку класіка беларускай літаратуры прадстаўлена лірыка, пераклады з Пушкіна, Гейне, Варлена і іншых майстроў мастацкага слова, крытыка, публіцыстыка.